СПІННЫ́ МОЗГ,
аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў пазваночным канале (гл. Пазваночнік). Забяспечвае ажыццяўленне большасці рэфлексаў, звязаных з дзейнасцю шкілетна-мышачнай і вісцэральных сістэм.
Мае форму трубкі з патоўшчанымі бакавымі сценкамі, уверсе пераходзіць у прадаўгаваты мозг, унізе (на ўзроўні 2-га паяснічнага пазванка) заканчваецца мазгавым конусам. Укрыты трыма злучальна-тканкавымі абалонкамі: цвёрдай, павуціннай, мяккай; цэнтр. канал і падпавуцінная прастора запоўнены спіннамазгавой вадкасцю. У дарослага чалавека даўж. С.м. 41—45 см, маса 26—28 г. С.м. утвораны шэрым рэчывам (размешчана ў цэнтры), якое абкружае белае рэчыва. У шэрым рэчыве лакалізуюцца нерв. ядры, у белым праходзяць шляхі, якія злучаюць ц. н. с. з органамі і тканкамі. С.м. складаецца з 31—33 сегментаў, кожны з якіх мае 2 пары нерв. карэньчыкаў: пярэднія, рухальныя (па іх імпульсы з клетак С.м. перадаюцца шкілетным мышцам, унутр. органам) і заднія, адчувальныя (імпульсы ад рэцэптараў скуры, мышцаў, унутр. органаў перадаюцца ў С.м.). Пярэдні і задні карэньчыкі з кожнага боку С.м. злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць спіннамазгавыя нервы. С.м. залежыць ад галаўнога мозга, найб. складаныя рэфлекторныя рэакцыі С.м. кіруюцца галаўным мозгам пры дапамозе праводзячых шляхоў белага рэчыва.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)